Fundraising 2010/Appeal/be-tarask


Дзесяць гадоў таму, калі я пачынаў распавядаць людзям пра Вікіпэдыю, я сустракаў шмат зьдзіўленых позіркаў. Скажам, тыя людзі, што разьбіраліся ў бізнэсе, скептычна ставіліся да ідэі, што валянтэры з усяго сьвету змогуць аб’яднацца, каб стварыць збор ведаў усяго чалавецтва выключна для перадачы яго іншым людзям.

Без рэклямы. Бяз выгады. Бяз вызначанага пляну дзеяньняў.

Празь дзесяць гадоў ад заснаваньня больш за 380 мільёнаў чалавек карыстаюцца Вікіпэдыяй кожны месяц — гэта амаль траціна ўсіх карыстальнікаў Інтэрнэту.

Гэты пяты па папулярнасьці сайт у сьвеце. Іншыя чатыры створаныя і падтрымліваюцца пры дапамозе шматмільярдных інвэстыцыяў, буйных штатаў супрацоўнікаў і несупыннага маркетынгу.

Аднак Вікіпэдыя не падобная да камэрцыйных сайтаў. Гэта твор супольнасьці, напісаны валянтэрамі радок за радком. Вы — частка нашай супольнасьці. Таму я сёньня зьвяртаюся да вас з просьбай абараніць і захаваць Вікіпэдыю.

Усе разам мы зможам захаваць яе бясплатнай і вольнай ад рэклямы. Мы зможам захаваць яе адкрытай, а вы зможаце карыстацца зьвесткамі зь Вікіпэдыі любым зручным для вас чынам. Мы зможам захаваць яе далейшы рост, распаўсюджваючы веды па ўсім сьвеце і запрашаючы да ўдзелу кожнага.

Раз на год мы зьвяртаемся да вас і ўсіх іншых карыстальнікаў Вікіпэдыі з просьбай дапамагчы ў падтрымцы нашай агульнай справы сьціплым ахвяраваньнем.

Калі Вікіпэдыя зьяўляецца для вас крыніцай інфармацыі і натхненьня — я спадзяюся, што вы вырашыце дзейнічаць наўпрост зараз.

Усяго найлепшага,

Джымі Ўэйлз, заснавальнік Вікіпэдыі

P.S. Вікіпэдыя — узор таго, як звычайныя людзі, такія, як усе мы, здольныя зьдзяйсьняць незвычайныя рэчы. Такія ж людзі, як і мы, пішуць Вікіпэдыю, слова за словам. Такія ж людзі, як і мы, падтрымліваюць яе, ахвяраваньне за ахвяраваньнем. Усё гэта і зьяўляецца доказам таго, што супольнымі намаганьнямі мы здольныя зьмяніць сьвет.